Республиканский патриотический арт-проект «80 ангелов» реализуется в учреждениях образования Беларуси

Патрыятычны арт-праект «80 Анёлаў» падтрымалі ў многіх навучальных установах 

Арт-праект распрацавала член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка Валянціна Драбышэўская. Ён заснаваны на аўтарскім творы «Любіна сукенка» пра заўчасна абарванае жыццё беларускай дзяўчынкі. 

Праект актыўна падтрымалі навучэнцы, студэнты і педагогі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, ДУА «Бараўлянская сярэдняя школа № 2», ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза Васілія Пятровіча Жукава», ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Пінска», ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Гарадка імя І. Х. Баграмяна», ДУА «Гімназія № 2 г. Салігорска», ліцэя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Падключыўся да праекта і Маскоўскі педагагічны ўніверсітэт. Асноўная мэта праекта заключаецца ў даследванні і сістэматызацыі інфармацыі аб 80 героях — сваяках або земляках, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Так, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры і вучні 5 — 11‑х класаў уключыліся ў працэс збору і апрацоўкі інфармацыі пра герояў нашай Перамогі, а журналісты «СГ» даведаліся, як гэта адбывалася і паўплывала на ўспрыманне тэмы вайны ў падрастаючага пакалення беларусаў.

Аўтар арт-праекта «80 Анёлаў» Валянціна Драбышэўская.

Завіталі ў сярэднюю школу № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза Васілія Пятровіча Жукава. На працягу некалькіх месяцаў дзеці і педагогі рупліва шукалі і сістэматызавалі інфармацыю, збіраліся на рэпетыцыі, пісалі лісты сваім слаўным дзядам… Канверты дзень за днём запаўнялі паштовую скрыню Пошты Перамогі.

— Планавалася сабраць восемдзясят лістоў, а выйшла пад сотню, — расказала бібліятэкар Таццяна Москаль. — Гэта скрыня з інфармацыяй аб продках будзе перададзена ў школьны музей, дзе кожны зацікаўлены можа пазнаёміцца з гісторыямі людзей, якім давялося прайсці вайну. Таксама мы падрыхтавалі стылізаваную экспазіцыю, прысвечаную праекту. Фонам экспазіцыі стала выява вокладкі кнігі «Любіна сукенка» Валянціны Драбышэўскай. У цэнтры экспазіцыі — Пошта Перамогі. Дзеці, якія не змаглі знайсці інфармацыю пра сваіх продкаў — удзельнікаў вайны, пісалі лісты невядомым салдатам. У бібліятэцы працавала майстэрня па вырабе анёлаў, якія сімвалізуюць нашых продкаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Вучні разам з музычным кіраўніком Вольгай Майсеенка падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную памяці тых, хто зведаў жахі Вялікай Айчыннай вайны. У аснове пастаноўкі — сюжэт кнігі «Любіна сукенка» Валянціны Драбышэўскай, што выйшла ў мінулым годзе ў выдавецкім доме «Звязда». Падчас паказу ў зале стаяла абсалютная цішыня. Стрымаць слёзы атрымалася ў нямногіх.

Урывак з пастаноўкі «Любіна сукенка» у ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза В. П. Жукава».

Аляксандр Старавойтаў, дырэктар школы, адзначыў:

— Расказваючы дзецям пра вайну, мы захоўваем і перадаём наступным пакаленням гістарычную памяць аб подзвігу мільёнаў людзей. Абмяркоўваючы важнасць міру і тое, якія намаганні былі прыкладзены для перамогі над ворагам, мы вучым дзяцей берагчы спадчыну, а таксама супрацьстаяць гвалту і нянавісці. Памяць аб вайне спрыяе аб'яднанню людзей і фарміраванню нацыянальнага адзінства. Таму мы з задавальненнем далучыліся да арт-праекта.

Падзялілася ўражаннямі пра ўдзел у праекце і будучая выпускніца Юліяна Сарока:

— Па-першае, я вельмі люблю гісторыю і планую паступаць на гістарычны факультэт. І калі я пачула аб праекце, адразу зразумела, што хачу прыняць удзел, бо і ў самой ёсць сваякі, якія былі ўдзельнікамі вайны. Мне захацелася адчуць хоць у малой ступені ўсё тое, што адчувалі людзі тады. Праект «80 Анёлаў» я, як і многія настаўнікі і вучні нашай школы, запомню надоўга.

Удзельнікі праекта з ДУА «Гімназія № 2 г. Салігорска».

З душэўнай прамовай да прысутных звярнулася аўтар ініцыятывы Валянціна Драбышэўская, якая асабіста прысутнічала на ўсіх сустрэчах у рамках праекта:

— Дзякуючы рэалізацыі арт-праекта мы далучаемся да нашай гісторыі, пражываем той боль, пачуцці, якія пражывалі нашы бабулі і дзядулі ў жудасныя хвіліны вайны, адчуваем гонар за сваіх продкаў, за вялікую Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожны з вас сапраўдны патрыёт, таму што патрыятызм пачынаецца з павагі да сваёй сям'і, сваіх продкаў. Кожны трэці беларус зараз глядзіць на нас з нябёсаў і радуецца, як праўнукі захоўваюць памяць пра Перамогу, як працуюць на карысць сваёй краіны.

Паэтка падзялілася і сямейнай гісторыяй. Яе дзядуля Пётр Антонавіч Пракопчык, жыхар Мастоўшчыны, загінуў пры вызваленні Польшчы. Бабуля атрымала пісьмо, што муж прапаў без вестак у маі 1945 года. Усё жыццё жонка і шасцёра сыноў шукалі інфармацыю пра свайго героя, не губляючы спадзявання на яго вяртанне дадому. І толькі ў 2022 годзе дачка Валянціны Станіславаўны знайшла звесткі аб пахаванні прадзеда і наведала яго магілу. Верш-прысвячэнне дзядулю паэтка зачытала прысутным:

Ты на моры застаўся навечна,

Хоць ніколі не быў пры жыцці...

Паглынула чужая далеча

Сны і мары дадому дайсці.

Прытуліць сваю мілую Маню

І любімых сыноў шасцярых...

Той апошняй смяртэльнаю ранню

Ты ў атаку рвануўся за іх.

За жыццё, за святло, за надзею!

Выбух. Ты над зямлёй узляцеў…

Горыч. Боль. У грудзях халадзее:

Не паспеў. Не паспеў. Не-пас-пеў...

Вучні і настаўнікі школы шчыра дзяліліся пачуццямі, якія выклікала ў іх далучэнне да праекта. Камусьці гаварыць адразу пасля спектакля было складана, але і сёння аўтару прыходзяць лісты падзякі з тых гарадоў Беларусі, дзе ўжо адбыліся памятныя сустрэчы.

— Мой прадзядуля таксама прайшоў вайну, — піша вучаніца 8 «Б» класа гімназіі № 2 г. Салігорска Варвара Стрыжакова, якая выконвала ролю Агаты ў пастаноўцы «Любіна сукенка». — На жаль, ён патрапіў у нямецкі канцлагер. Мне бацькі расказвалі пра тое, якія невыносныя ўмовы там былі і як з ім і іншымі няшчаснымі абыходзіліся ў гэтым жудасным месцы. Страшна нават уявіць, што людзі могуць быць такімі жорсткімі ў адносінах да іншых людзей.

Марыя Міхайлава, вучаніца 5 «В» класа сярэдняй школы № 1 г. Гарадка імя І. Х. Баграмяна, якая ў пастаноўцы чытала ўрывак аб гібелі Любы, адзначае:

— Для мяне «Любіна сукенка» — гэта ўнікальны твор, які ўразіў да глыбіні душы. Люба — дзяўчынка ўзросту бабулі маёй маці на той час, калі пачалася вайна. І колькі яшчэ было такіх жа дзяўчат і хлопчыкаў… Што чакала кожнага з іх?

Cугучны папярэднім і водгук Варвары Кашняк, вучаніцы 10‑га класа гэтай жа школы, выканаўцы ролі Любы:

— Скразной ніткай праз увесь твор праходзіць ідэя, што ніхто не павінен быць забыты, а мы абавязаны захоўваць памяць аб нашых родных. Я вельмі рада, што прыняла ўдзел у знакавым праекце, які даў мне новы штуршок для разумення жыцця і асэнсавання цеснай сувязі паміж пакаленнямі…

А вось водгук сямікласніцы Ганны Лягушынай з сярэдняй школы № 3 г. Пінска:

— Удзел у праекце «80 Анёлаў» — гонар для мяне. Асабліва ўразіла пастаноўка па кнізе «Любіна сукенка». Падзеі, пра якія расказваецца ў творы, адбыліся з дзяўчынкай, што радавалася жыццю, кахала, марыла... Але вайна забрала літаральна ўсё ў адно імгненне. Страшна і вельмі балюча. Памяць пра герояў і простых людзей, якія загінулі ў час вайны, не знікла. І мы павінны з цеплынёй у сэрцы несці яе. Яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, як Любіна сукенка.
 Светлая памяць жыве ў сэрцах беларусаў, у рэчах, што былі сведкамі таго жудаснага часу, перадаецца маладому пакаленню, якое з гонарам і хваляваннем беражэ кожны ўспамін, ушаноўвае памяць пра загінулых, з цеплынёй віншуе ветэранаў і адзначае Дзень Перамогі,
— адзначае настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 г. Пінска Ірына Штыцько. — І як настаўнік буду вельмі ўдзячна ўбачыць гэты твор у школьнай праграме. Я ўпэўнена, кніга Валянціны Драбышэўскай не пакіне абыякавым ні адно дзіцячае сэрца.

Згаджуся з педагогам і шчыра веру ў тое, што зберагуць агеньчык памяці ў сэрцах усе тыя, хто дзякуючы праекту «80 Анёлаў» прайшоў шляхам успамінаў, часта балючых, але такіх патрэбных у наш бязлітасны час. Мы абавязаны памятаць, каб не дапусціць паўтарэння!

rovdo@sb.by

Фота з архіва Валянціны Драбышэўскай