Атмасфера месца
У 2025 годзе свята набыло асаблівае гучанне: спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння Багушэвіча — лічба, якая прымушае задумацца: што мы зрабілі за гэты час, каб яго «не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі» не засталося толькі цытатай у падручніках? Адказ дае само свята — праз музыку, паэзію, рамёствы, праз жывы кантакт з традыцыяй, якая развіваецца.— Ізноў благаслаўлёныя Кушляны сабралі гасцей з усёй краіны, — падкрэсліў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. — Вельмі прыемна, што мы можам ладзіць такія святы і кожны год далучацца да культурнай спадчыны. Кожная часцінка беларускай зямлі нясе ў сабе пэўны талент, шчырасць і дабрыню. Менавіта Кушляны далі моц Францішку Багушэвічу, а ён умацаваў наша з вамі агульнае імя — «беларусы» і абудзіў сапраўдны голас і годнасць роднай мовы.
У Кушлянах можна наталіцца краявідамі, якімі пры напісанні вершаў натхняўся Багушэвіч, паразважаць ля камня пісьменніка, дзе ён хаваў свае творы, падказвае начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава:
— Кушлянскі музей мае рэспубліканскае значэнне, але мы яго лічым сваім. Бо Смаргоншчына вельмі ганарыцца гэтай сядзібай, якая ўваходзіць у лік мясцовых жамчужын разам з Крэўскім замкам і сядзібай Агінскага. Літаратурна-мемарыяльная сядзіба-музей «Кушляны» занесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
На сцэне выступілі фолк-рок гурты, батлейка, адбыліся майстар-класы, гутаркі з даследчыкамі. У паветры — водар сена, гукі дуды, дзіцячы смех. Тут няма месца для абыякавасці. Тут кожны — не глядач, а ўдзельнік, не турыст, а нашчадак. Кушляны становяцца цэнтрам прыцягнення для тых, хто шукае сапраўдную Беларусь — з памяццю і будучыняй.
Анастасія Ключнік прыехала на свята з суседняга аграгарадка Солы разам з дачкой Ясеніяй і родзічамі з Расіі:
— Са сваёй сям’ёй у Кушлянах бываем часта. Зараз выказала пажаданне сюды завітаць і радня з Расіі: цётка, сястра і пляменніца. Якраз іх гасцяванне ў Беларусі выпала на час Кушлянскага фэсту. Падчас свята даведаліся многа цікавых фактаў пра земляка. Свае творы ён пісаў на беларускай мове, што было рэдкасцю ў той час. Пабывалі ў доме-музеі, дзе ўбачылі асабістыя рэчы паэта, рукапісы і такім чынам дакрануліся да яго спадчыны. Адметна, што менавіта Багушэвіч стаў духоўным настаўнікам для маладога Янкі Купалы, які шукаў свой шлях у літаратуры і нацыянальнай самасвядомасці. Купала неаднаразова згадваў Багушэвіча як свайго папярэдніка і настаўніка.
Пра песняра
Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў 1840 годзе, вывучаў права, а пасля — дапамагаў простым людзям, абараняў іх правы. Ён пісаў пра цяжкую долю сялян, несправядлівасць, любоў да роднай зямлі і стаў духоўным настаўнікам для будучых пакаленняў беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку для Янкі Купалы і Якуба Коласа. У літаратуры выступаў пад псеўданімамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава. Яго галоўныя зборнікі — «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) — сталі маніфестам беларускай нацыянальнай самасвядомасці. У іх ён заклікаў народ не забываць сваю мову, культуру і годнасць. Яго знакаміты радок «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» стаў сімвалам адраджэння. Памёр Францішак Багушэвіч у 1900 годзе ў маёнтку Кушляны, дзе цяпер знаходзіцца літаратурна-мемарыяльны музей.
Старажытная сядзіба
Маёнтак Кушляны ў 1749 годзе купіў прапрадзед Багушэвіча. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады паэта, расказала загадчыца музея Алена Ермалаева:— Атрымаўшы ў 1896 годзе ў спадчыну добрую суму грошай, Францішак Багушэвіч будуе ў Кушлянах свой дом, крыху пазней перасяляецца сюды на сталае жыхарства, дзе правёў свае апошнія гады. У гэтым доме, адноўленым у адпаведнасці з выглядам канца ХІХ стагоддзя, і размяшчаецца музей. Тут экспануюцца рэчы, якія належалі роду Багушэвічаў: пісьмовы стол, крэслы, рукапісы.
Не так даўно належнае месца сярод экспанатаў занялі і родавыя медальёны сям’і Багушэвічаў з XVIII ст. з часцінкамі мошчаў святых, якія Багушэвічы прывезлі з месцаў паломніцтва ў розныя часы. Гэтыя медальёны аберагалі род на працягу стагоддзяў ад хвароб і няшчасцяў. На сядзібе захаваўся і стары парк з дрэвамі XVIII і XIX стагоддзяў.
