Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны вакальны ансамбль «Белы Птах».
Нават моцны дождж з маланкаю не змаглі сапсаваць святочны дзень, да якога арганізатары рыхтаваліся загадзя. Сядзіба на беразе ракі Віліі нібы дзеля таго і была збудавана, каб аб'ядноўваць людзей, што натхняюцца роднымі мясцінамі і з глыбокай павагай ставяцца да роднай вёскі. Да пачатку мерапрыемства промні жнівеньскага сонейка адарылі шыпкоўскую зямлю цеплынёй, і літаральна праз гадзіну ля імправізаванай сцэны сабралася шмат гасцей. Аднак каб патрапіць на свята, трэба было прайсці своеасаблівую мытню, дзе сустракала ўсіх прысутных Іна Фралова, ураджэнка гэтай вёскі, а цяпер беларуская пісьменніца, дзякуючы якой некалькі гадоў таму і пачалі праводзіць ужо добра вядомыя многім «Шыпкоўскія плёсы». Вядомая зямлячка амаль кожнага ведае пайменна, таму нязмушана і цікава правяла літаратурна-вясковую апытанку. А правільныя адказы на яе пытанні сталі білетамі на свята. З прывітальным словам і шчырымі аўтарскімі радкамі крыху пазней яна звярнулася да прысутных:
— Нашу сустрэчу мы прымеркавалі да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Памятаю, што бадай на кожнай вясковай хаце вісела зорачка. Як крыху пазней патлумачыла мне бабуля, гэта азначала, што падчас вайны з гэтых двароў выходзілі будучыя абаронцы Айчыны. І няма такой сям'і, дзе б абышлося без горкіх страт і пакут, без страху і слёз. Менавіта дзякуючы тым, хто аддаваў жыццё на алтар Перамогі над фашызмам, сёння наша краіна адноўленая і незалежная. І мы маем шчасце збірацца разам, ушаноўваць памяць нашых герояў, жыць і працаваць пад мірным небам, ствараць новае з глыбокай павагай да мінулага. Мая малая радзіма сёння гасцінна прымае гасцей з розных куткоў, і кожны, упэўнена, зможа адчуць сябе сапраўдным шыпкоўцам, бо гэта вёска, дзе дамы і сэрцы людзей адкрытыя для добрых людзей з вялікіх і малых дарог. Ад нашых продкаў нас аддзяляе ўсяго толькі яно, жыццё. А повязь з вёскай, прыродай, аднадумцамі надае значнасці ўсякаму імгненню...
Шыпкі мае! Ад вас бярэцца неба.
Вы мне, здарожанай, жаданы супакой.
Каб новы шлях адужаць, з ветрам трэба
Глынуць гаючы баравы настой.
Іна Фралова
Вы мне, здарожанай, жаданы супакой.
Каб новы шлях адужаць, з ветрам трэба
Глынуць гаючы баравы настой.
Іна Фралова
У ліку гасцей свята былі паэты, празаікі, журналісты, мастакі, выдаўцы… І кожнаму было што сказаць і пакінуць на добры ўспамін гасцінным шыпкоўцам. Адной з першых слова атрымала старшыня мясцовага сельскага Савета Дзіяна Грабянёк:
— У падрыхтоўцы да свята прымала ўдзел уся вёска. Радасна, што актыўных удзельнікаў з кожным годам усё больш, і я дзякую кожнаму. У бацькоўскія хаты едуць дзеці і ўнукі, пустых дамоў у нас амаль не засталося.
Гэта пацвердзіла і стараста вёскі Наталля Кажура. Сем год таму яна змяніла на гэтай адказнай пасадзе сваю матулю Ганну Пятроўну і добра ведае кожнага шыпкоўца. Жанчына адзначыла:
— І на суботніках, і на святах мы, мясцовыя і прыезджыя, заўсёды разам! А прыклад бяром са старэйшых. Так, напрыклад, наша Ванда Паўлаўна Сівая ў свае 82 шчыруе на ўласным агародзе, трымае казу і кур. З гаспадаркай і добраўпарадкаваннем ёй дапамагаюць дзеці і ўнукі, ды і сама прырода, відаць, штодзённа напаўняе сіламі і пазітывам гэту цудоўную жанчыну, што калісьці патрапіла ў Шыпкі па размеркаванні і ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе, дырэктарам якой, дарэчы, быў яе муж Фёдар Міхайлавіч Сівы.
Ванда Сівая.
Унукі Наталлі Кажуры, старасты вёскі, кожнае лета праводзяць у Шыпках. — Зусім недалёка ад Шыпкоў знаходзяцца і мае родныя Пугачы, — падзяліўся намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп. — І я заўсёды рад запрашэнню на «Шыпкоўскія плёсы». Пахмурнае надвор'е не спалохала вяскоўцаў і тых, хто меў намер завітаць на свята, таму дожджык абавязкова прынясе добры ўраджай, моцнае здароўе, жаданне радавацца кожнаму новаму дню…
Пісьменнікі Іна Фралова і Віктар Шніп. А вядомы журналіст Міхаіл Кучко нарадзіўся літаральна за некалькі кіламетраў ад Шыпкоў.
— І ведаеце, — звярнуўся ён да землякоў, — хоць аб'ездзіў я амаль усю нашу Беларусь за гады ў прафесіі, у вашай вёсцы сёння ўпершыню. Бывае ж такое! Для сябе я вынес наступныя перакананні. Лепшай краіны, чым Беларусь, няма! Добрых людзей значна больш, чым дрэнных! Чым далей ад МКАДа, тым больш шчырыя і шчаслівыя людзі!
І сапраўды. Дзень у Шыпках паказаў гэта найлепшым чынам. Галоўнымі, дзеля каго ўсё гэта свята і задумвалася, былі і застануцца людзі. Яны выходзілі на сцэну, каб атрымаць падзяку і памятныя падарункі, пачуць словы прызнання і павагі ў свой адрас. Выдаўцы дарылі вяскоўцам падпіску на перыядычныя выданні, пісьменнікі — кнігі, бібліятэкары — магчымасць не толькі ўзяць кнігі на дом, але і шмат іншых карысных цікавостак для дарослых і маленькіх чытачоў.
Так, упершыню госцем фэсту «Шыпкоўскія плёсы» стала Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік.
— Нас запрасіла даўняя сяброўка Іна Мікалаеўна Фралова, паэтэса і перакладчыца, якая нарадзілася ў гэтым прыгожым куточку Вілейскага краю, — паведаміла Вікторыя Бохан, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік». — Бібліятэчная пляцоўка стала месцам прыцягнення такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Алена Лемеш, Тамара Бунта, Сяргей Трахімёнак, Пятро Жаўняровіч, Міхась Дзеравянка. З аўтарамі і іх кнігамі можна было пазнаёміцца на бібліятэчнай выставе. У сваю чаргу аўтары падарылі бібліятэцы свае кнігі з аўтографамі. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для гасцей свята выставу з новымі беларускімі кнігамі «Зорны вяночак беларускіх пісьменнікаў», інтэрактыўныя гульні: краіназнаўчую віктарыну па культуры і гісторыі Беларусі «Маё», гульню па папулярызацыі беларускай мовы «Сакавітыя слоўцы», гульні-наклейкі для дзетак «Складзі беларускі вянок» і «Апранайся па-беларуску», брэнд-гульню «Знай нашых!», бяспройгрышную латарэю і фотазону з прыгожымі васількамі. Таксама ўсім жадаючым можна было запісацца ў бібліятэку. Спадзяёмся, што ў хуткім часе шыпкоўцы стануць пастаяннымі чытачамі бібліятэкі, бо на тэрыторыі Вілейскага раёна дзейнічае такая форма нестацыянарнага абслугоўвання, як мабільная бібліятэка (мікрааўтобус з кнігамі і бібліятэкарамі), якая па асобным графіку працуе ў населеных пунктах, дзе бібліятэк няма. Вельмі хочацца сказаць словы падзякі Іне Мікалаеўне Фраловай і ўсім арганізатарам свята, а таксама шыпкоўцам за такі цёплы душэўны прыём і за цудоўнае мерапрыемства. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.
А галоўны рэдактар часопіса «Родная прырода» Александрына Паршына адзначыла перш за ўсё адметнасць мясцовых краявідаў:
— Глядзіш на навакольны пейзаж — маляўнічыя выгіны ракі, рознакаляровыя аблокі лугавога дзікатраўя, магутны лес — і становіцца зразумела, чаму тут жывуць такія таленавітыя людзі. Прырода — невычэрпная крыніца натхнення. Колькі выдатных пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў і музыкантаў, вучоных і вынаходнікаў з'явіліся дзякуючы сузіранню яе вечнай прыгажосці. Наогул, лічу, што нашаму народу вельмі пашанцавала. Ізумрудныя велічныя лясы, чыстыя рэкі і азёры, таямнічыя балоты і залатыя нівы.
Мы жывём у сапраўдным зямным раі: нашы лясы поўныя грыбоў і ягад, рэкі і азёры — рыбы, нетры — карысных выкапняў. У палях і пушчах звіняць птушыныя галасы, паветра свежае і чыстае. У нас ёсць усё, што трэба для камфортнага жыцця. Наша ж задача — захаваць гэту ласку для нашчадкаў.Таксама ўпершыню пабываў у Шыпках мастацкі кіраўнік ансамбля «Свята» Вячаслаў Статкевіч.
— Ёсць адчуванне, што буду вяртацца сюды зноў і зноў! — дзеліцца ўражаннямі суразмоўца. — Я шмат бачыў гарадоў і вёсак, сам нарадзіўся на хутары Рэпнікі Лідскага раёна і не перастаю здзіўляцца таму, якія прыгожыя тыя месцы, дзе выраслі сумленныя людзі, сапраўдныя патрыёты, што даражаць сваёй Радзімай, падтрымліваюць у парадку бацькоўскія хаты, упрыгожваюць падворкі і ладзяць сумесныя святы. Я шчаслівы, што ў маім рэпертуары дастаткова песень на музыку і вершы айчынных аўтараў, прысвечаных беларускай вёсцы, прадстаўнікам важных прафесій, дарагім землякам. Адсюль нашы карані, наша моц, наш спадзеў на светлую будучыню!
І як тут не пагадзіцца?
Упэўнена, што наталенне шыпкоўскімі краявідамі пакінула след не толькі ў маім паэтычна-журналісцкім сэрцы. Так, вядомы беларускі мастак Анатоль Гармаза, хутчэй за ўсё, вернецца на Вілейшчыну, каб стварыць новыя прыгожыя карціны. Натхнёныя паэты складуць вершы, кампазітары — музыку. А гаспадары і сябры свята надоўга захаваюць у сэрцах адчуванне свята і шчыры гонар за тое, што яны #ВЯСКОВЫЯ!
rovdo@sb.by