Ксендз Кирилл Бардонов — о слагаемых межконфессионального мира в Беларуси

Вялікдзень (Пасха) з’яўляецца самым вялікім і галоўным хрысціянскім святам. У гэтым годзе адбылося супадзенне даты святкавання гэтай урачыстасці рознымі хрысціянскімі канфесіямі. Канструктыўнае і спакойнае суіснаванне канфесій на нашай зямлі, гэтая адметнасць Беларусі, у 2025 годзе будзе мець сваё ўвасабленне ў сумесным святкаванні Хрыстовага Уваскрэсення. 

Гэта яшчэ раз нагадвае, наколькі нам патрэбны мір, які прыносіць Хрыстос. Мір, якім мы можам падзяліцца з іншымі. Нягледзячы на тэхналагічнае, культурнае, сацыяльнае і цывілізацыйнае развіццё, ва ўсім свеце ваенныя канфлікты ў розных формах закранаюць існаванне мільёнаў людзей. 

Адзначаючы Вялікдзень супольна, варта памятаць: мір на нашай зямлі не дадзены нам адзін раз і назаўсёды, а з’яўляецца дарам папярэдніх пакаленняў, пра які мы запрошаны клапаціцца. 

Кожны раз, калі мы спрабуем практыкаваць хрысціянскую міласэрнасць і прабачэнне, і кожны раз, калі змагаемся са спакусамі злога духа, мы ўдзельнічаем ва Уваскрасенні Хрыста. Такім чынам мы будуем мір унутры сябе і вакол сябе. 

Бог хоча быць прысутным са сваёй міласэрнай любоўю асабліва ў жыцці тых людзей, якія пазбаўлены не толькі перспектыў годнага існавання, але і ўсіх знакаў Божай прысутнасці. Таму Бог натхняе нас, каб мы паклапаціліся пра такіх людзей: адзінокіх, нямоглых, бяздомных, вымушаных мігрантаў, усіх тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Калі ў нас атрымліваецца праявіць дабрыню да тых, хто нічога не можа даць узамен, мы ўваскрасаем над нашым эгаізмам і ганарлівасцю. 

Хрыстос уваскрос і праз сваё ўваскрэсенне перамог грэх, смерць, разгубленасць і вярнуў свету радасць і надзею. Ці з’яўляемся мы, хрысціяне, людзьмі надзеі і велікоднай радасці? Ці не занадта мы засяроджваемся на негатыўным, дрэнным вакол нас? Для таго каб мы адчулі плён уваскрасення, мы запрошаны адвярнуцца ад «нашых» магіл і ўбачыць Уваскрэслага Хрыста.

Давайце кожны дзень несці людзям навіну аб тым, што Хрыстос сапраўды ўваскрэс. У нас гэта атрымаецца, калі мы не будзем ляжаць пахаванымі ў магіле нашых грахоў, шкодных звычак, небяспечных залежнасцей, адчаю або расчаравання. Замест гэтага можна жыць радасным і мірным жыццём, пастаянна памятаючы пра любоў Бога да нас і да іншых людзей. 

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ