Митрополит Иосиф Станевский обратился с пастырским рождественским посланием

З паслання на ўрачыстасць Божага Нараджэння 2025 года


Напярэдаднi Раства Хрыстовага арцыбiскуп Iосiф Станеўскi, мiтрапалiт Мiнска‑Магiлёўскi, старшыня Канферэнцыi каталiцкiх бiскупаў Беларусi звярнуўся з пастырскiм пасланнем да вернiкаў. У iм, у прыватнасцi, гаворыцца:

«Хрыстус уваходзiць у нашу рэальнасць, каб перамянiць яе, каб мы адчулi паўнату нашага паклiкання, бо мы запрошаны, каб стацца дзецьмi Божымi. А гэта можа адбыцца толькi дзякуючы Хрысту, Яго ўцелаўленню, а таксама таму, што гэта сам Бог першым пачынае клопат пра нашае збаўленне. Чалавеку, якi будуе сваё шчасце, сваю мэту жыцця толькi на чалавечым вымярэннi, Бог прапануе боскае вымярэнне…»

Свята Божага Нараджэння па традыцыi папярэджвае адвэнт, перыяд падрыхтоўкi, посту, нагадваецца ў пасланнi: «Дзякуй усiм, асаблiва дзецям i моладзi, старэйшым асобам, хто, нягледзячы на раннi час, стараўся ўдзельнiчаць у раратах, рэкалекцыях, выконваць учынкi мiласэрнасцi, чакаючы нашага Збаўцу. Такiм чынам мы старалiся правесцi гэты час у чуваннi, каб прычакаць нашага Пана».

Падкрэслiваецца: «Святы Божага Нараджэння нагадваюць хрысцiянам пра радасную таямнiцу прыйсця Збаўцы ў свет, але яны таксама даюць асаблiвую магчымасць для больш глыбокага разважання пра духоўны аспект жыцця. У гэтыя святочныя днi нашы думкi звяртаюцца да праўды веры, якая вучыць нас, што Сын Божы стаў чалавекам; што спрадвечнае Слова сталася целам. Духоўная атмасфера, якая выпраменьваецца з Бэтлеема, вельмi натхняе ўсiх вернiкаў i з’яўляецца невычэрпнай крынiцай хрысцiянскай радасцi i надзеi».

У гэты святочны перыяд вернiкi прыходзяць у касцёлы. Гучыць такi зварот:

«Прайшло толькi 35 гадоў з моманту адраджэння Касцёльных структур на Беларусi, але гэта такi малы час, каб напоўнiцу адрадзiлася i захавалася вера i традыцыi. I сёння вельмi важным нашым заданнем з’яўляецца не толькi асабiстае навяртанне i паглыбленне нашай веры, але трэба ўсiм нам паклапацiцца, каб захаваць тое, што перадалi нам нашыя продкi, захаваць традыцыю вiгiлiйнай вячэры, дзялення аплаткай, спявання калядак, каб перадаваць гэтыя звычаi дзецям i ўнукам. Аднак памятайма, што святкаванне Божага Нараджэння вынiкае не з традыцыi, а з нашага асабiстага адчування i перажывання, бо Хрыстус нараджаецца ў нашай душы менавiта ў той момант, калi мы Яго прымаем».

У пасланнi даецца парада i гучыць пажаданне: «Можа, мы яшчэ не можам зразумець усяе глыбiнi гэтага цуду, гэтай таямнiцы, але галоўнае, каб мы прынялi нашага Бога з любоўю. Ён хоча быць побач з кожным з нас не толькi сёння, у свята Божага Нараджэння, але заўсёды — у добрыя i дрэнныя днi, у здароўi i хваробе, у радасцi i цярпеннi, калi мы нараджаемся i калi памiраем. I няхай Святая Багародзiца Марыя, якая заўсёды была з Езусам, дапамагае i нам быць з Iм i нiколi не аддаляцца ад Яго».

Пастырскае пасланне падмацоўваецца благаслаўленнем: «На святкаванне Божага Нараджэння, на духоўнае аднаўленне кожнага з нас ад шчырага сэрца благаслаўляю: у iмя Айца i Сына, i Духа святога. Амэн».
Информация на этой странице взята из источника: https://www.sb.by/articles/dobraya-vestka.html